Выстава скульптуры Канстанціна Касцючэнкі «Імкненне»


2 лютага ў 16.00 адбудзецца адкрыццё выставы скульптуры Канстанціна Касцючэнкі «Імкненне».

Беларускі скульптар Канстанцін Касцючэнка вядомы як скульптар-манументаліст, удзельнік шматлікіх міжнародных і рэспубліканскіх выстаў і праектаў. Найбольш вядомыя з іх — «Брама памяці» і «Масіў імён» для мемарыяльнага комплексу «Трасцянец». Канстанцін Касцючэнка з’яўляецца лаўрэатам міжнародных і нацыянальных прэмій і ўзнагарод ў галіне мастацтва.

Стварэнне аб’ёмнага твора пачынаецца з вобраза і натхнення. Перыяд паміж эскізам і ўвасабленнем задуманага запоўнены творчымі пошукамі і тэхнічнымі разлікамі. Часам над адной скульптурай мастак працуе гадамі.

Як мастак-манументаліст, Канстанцін ведае аб гэтым як ніхто іншы. На думку майстра, жыццё ідзе наперад, і спыняцца на чымсьці адным не мае сэнсу. Для любога спецыяліста працаваць толькі дзеля прызнання не зусім правільны шлях. Майстру больш цікава займацца працай, якая захапляе яго, калі зацягвае сам працэс. У гэтым выпадку ён максімальна імкнецца ўкласці душу ў праект. Менавіта таму выстава атрымала назву «Імкненне».

Любы мастак жыве ў атмасферы сваёй прасторы, якая знаходзіцца вакол яго. Ён больш ярка, чым звычайны чалавек, перажывае падзеі і стараецца перадаць уражанні ў сваёй творчасці. Са слоў мастака, любая праца павінна дыхаць сваёй гісторыяй, нейкім сваім духам.

318